к 1, нескл., н.

1. Дванаццатая літара беларускага алфавіта, якая мае назву «ка».

2. Глухі, заднеязычны, выбухны зычны гук.

к 2, прыназ. з Д.

Спалучэнне з прыназоўнікам «к» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні кірунку руху або дзеяння ў бок якога‑н. прадмета або асобы, якія ўсведамляюцца як прасторавая мяжа ці мэта; тое, што і да (у 1 знач.). Ісці к сыну. Зваць к сабе. Хіліцца к захаду. ▪ З ведама Букрэя ладзіцца дзед Талаш у свой паход к Доўгаму Броду. Колас. Сялом вясковы гарманіст Ідзе к дзяўчатам на вячоркі. Хадыка.

Часавыя адносіны

2. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці дзеяння да пэўнай часавай мяжы. Зжаць жыта к нядзелі. ▪ Схіляецца дзень к надвячорку. Колас. Збіралася к начы на дождж. Чорны.

Аб’ектныя адносіны

3. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці да таго, што з’яўляецца матывам, стымулам гэтага дзеяння; тое, што і да (у 9 знач.). Клікаў ён народ свой к волі. Колас.

4. Ужываецца пры абазначэнні накіраванасці стану, уласцівасці або дзеяння да чаго‑н., сувязі ўласцівасці або прыметы з чым‑н.; тое, што і да (у 11 знач.). Мы — беларусы з братняю Руссю разам шукалі к шчасцю дарог. Клімковіч. Шырай жа к праўдзе дарогу! Крапіва. Ахвота бліжэй к дому быць. Грахоўскі. // Ужываецца ва ўстойлівых спалучэннях (зняважлівых выразах, лаянкавых словах). Усё роўна пойдзеш к чортавай матары, басяк! Колас.

5. Ужываецца пры абазначэнні далучэння да чаго‑н.; тое, што і да (у 7 знач.). Каласок к каласку ў снапы Клапатліва збірае рука. Астрэйка.

Мэтавыя адносіны

6. Ужываецца пры абазначэнні мэты дзеяння або прызначэння прадмета. Пячэнне к чаю. ▪ Як песня птушкі раніцою К жыццю ўздымае поле, гай, — Вось так і ты, паэт, спявай, Каб вечна песня маладою Жыла ў народзе. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)