баба 1, ‑ы, ж.

1. Матчына або бацькава маці. Хто бабе не ўнук? Прыказка.

2. Старая жанчына наогул. Пачулі дзед з бабаю грукат, выбеглі ў сенцы. Якімовіч.

3. Разм. Замужняя жанчына. Шнуруюць бабы і дзяўчаты І кантралююць мох узняты. Колас. // Разм. Жанчына наогул. [Цёця Каця:] Пляцеш ты абы-што. Думаеш, калі я баба, дык ужо і паверу ўсякаму глупству. Крапіва. Тэкля любіла хадзіць па суседзях — вельмі гутарлівая баба была. Бядуля. // Разм. Жонка. Мікітава баба, падсухая, белабрысая Стэпка з хітрымі, як у Сцяпана, вачыма сядзела ў перадку. Брыль.

4. Разм. уст. Тое, што і бабка 1 (у 3 знач.). За бабу была Аўдоцця, а за куму Настулька. Крапіва.

5. перан. Разм. іран. Пра цікаўнага, балбатлівага або з нерашучым характарам мужчыну. Тут на платформу ўзляцела Дзяўчына: — Бачылі? Баба ты, а не мужчына! Смагаровіч.

•••

Каменная баба — старажытны статуй з каменю.

Снегавая баба — злепленая з снегу чалавечая фігура.

Агонь-баба — энергічная жанчына.

Баба-яга — а) у казках славянскіх народаў — злая вядзьмарка; б) пра злую, старую жанчыну.

Базарная баба — сварлівая, грубая жанчына.

Бой-баба — мажная, з шумлівым характарам жанчына.

Хват-баба — увішная, заўзятая ў працы жанчына.

баба 2, ‑ы, ж.

Ручная або механічная прылада для забівання паляў і для іншых мэт.

баба 3, ‑ы, ж.

Тое, што і бабка 2 (у 3 знач.).

баба 4, ‑ы, ж.

Тое, што і бабка 2 (у 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)