Вяхра́нец ’нячысцік’ (Бяльк.). Зыходзячы з семантыкі, верагодней усяго параўноўваць з віхар ’нячысты дух’, віхор ’чуб’. Да першага параўн. рус. дыял. вихорный ’род міфічнай істоты’, смал. вихровой ’дух, які жыве ў віхры’ і да т. п. Да віхор ’чуб’; параўн. бел. хахлаты ’нячысцік’. Пярэчыць гэтай думцы наяўнасць я < і ў першым складзе перад націскам, аднак не выключана, што трэба аднаўляць форму *вехранец. Для такога тлумачэння параўн. рус. дыял. ве́харь і вехо́рь ’моцны вецер, віхар’. Здаецца, аднак, што можна лёгка вытлумачыць я і як вынік «гіпер’якання», выпадкі якога вядомы на сумежных тэрыторыях.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)