Разгу́тываць ’гушкаць’ (Юрч. СНЛ), што да гу́таць ’тс’, рус. дыял. гу́тать ’гушкаць немаўля’, укр. гу́тати ’гойдаць’, гута́т ’калыхаць дзіця’, гу́тапка ’калыска’. Да гукапераймальнага (імітатыўнага) гу‑та‑та́ пры падкідванні дзіцяці на руках. Няма патрэбы бачыць у названых словах вынік змянення формы гойдаць або гушкаць праз прамежкавае значэнне ’забаўляць, загаворваць’ (ЕСУМ, 1, 629) ці ўзводзіць да і.-е. *gou‑ з суфіксам ‑t‑ati (ЭССЯ, 7, 179).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)