Право́рны ’рухавы, спрытны’ (ТСБМ), право́ра ’рухавы хлопчык або дзяўчынка’ (Нас.), рус. прово́рный, прово́р ’спрытны чалавек’, укр. прово́рний ’тс’, проворя́ка ’рухавая, спрытная асоба’. Хутчэй за ўсё, запазычана з рускай мовы, што канстатуецца і для ўкраінскай (ЕСУМ, 4, 592). Рускае слова звязваюць з балг. прови́рам ’прасоўваць’, літ. varyti ’гнаць’, лат. vert ’бегаць’ (Фасмер, 3, 372). Параўн. віру́тнік ’узбаламучаны, кручаны чалавек; злачынец, злодзей’ (гл.), увера́цца ’чапляцца’ (гл.). Варбат рэканструюе прасл. *provorь < *proverti (Супр. чыт., II, 15; Слав. языкозн., XII, 119). Гл. таксама Калашнікоў, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 217–218.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)