Прач 1 ’пранік (для мыцця і абмалоту насення льну)’ (Бес., Выг., Зн., дыс., Уладз., Клім., Дразд., ДАБМ; драг., пруж., кам., беласт., Сл. ПЗБ; Сл. Брэс.; бяроз., Шатал.; Ян., Сцяшк. Сл.). Укр. прач, рус. паўдн. прач, польск. дыял. pracz ’тс’. Вытворнае ад праць ’біць, калаціць’ з суф. ‑ч, як біч < біць і да т. п. Параўн. Слаўскі, SP, 1, 102.
Прач 2, пра́чык ’апалонік’ (Клім., Сл. Брэс.; бяроз., пін., Шатал.; Чэрн., Бес., Дразд.). Укр. пра́чик ’тс’. Да прач 1 у выніку метафарычнага пераносу. Параўн. апалонік.
Прач 3 ’шнурок даўжынёю каля паўметра, з якога вілі вяроўкі’ (пух., Нар. словатв.), ’прывязь з дубцоў, пры дапамозе якой звязваюцца бярвенні з пакладзенымі на іх жэрдкамі’, ’ліна з вітак’ (віл., Сл. ПЗБ), ’скрутак ільновалакна’ (кам., Сл. ПЗБ), ’мера льновалакна ў 15 павесмаў’ (палес., Трухан, вусн. паведамл.), пра́чук ’пучок ільну’ (Мат. Маг.), пря́чык ’тоўстыя ніткі з канапель, з якіх уюць вяроўкі’ (Бяльк.). Польск. падляшск. pracz ’звязка прыгаршняў ачасанага льну’, ’15 прыгаршняў’ (Фалінская, Sł. tkac., 241). Этымалагічна тое ж, што і praczh 1, перанос значэння па знешняму падабенству. Значэнне ’ліна з вітак’, відаць, у выніку пераносу ’скрутак ільновалакна’ > ’скрутак вітак’ > ’ліна з вітак’. Варбат (Этимология–1975, 31) параўноўвае з рус. пск. пруч ’састаўная частка вяроўкі’ і ўзводзіць да прасл. *pręčь/*prǫčь, суадносныя з *pručiti, гл. пручацца ’напружвацца’. Сумнеўна.
Прач 4 ’прылада для ўтрамбавання тока’ (тураў., Нар. словатв.). Паводле Лабко (там жа), суадносіцца з прач 1 і ўтворана таксама ад праць ’біць, калаціць’.
Прач 5 ’прыціскач саломы на страсе’ (ТС), ’завостраны калок даўжынёю каля метра’: прачэм прыціскаем салому да прывязваем до лаціны (тураў., Нар. словатв.). Паводле Лабко (там жа), магчыма, ўтворана як прач 4 — ад праць ’біць, калаціць’.