Пастра́х, по́страх ’пагроза, прыстрашэнне’ (Нас., Сцяшк.). Укр. по́страх ’страх, жах, запалохванне’, польск., чэш. postrach. Да прасл. straxъ. Прэфікс па‑ (< прасл. po‑) надае назоўніку вынік дзейнасці. Аналагічна і словы з іншымі суфіксамі: бел. пастра́шка ’тс’ (Др.-Падб., Нас.) ∼ рус. пск., цвяр. постра́шка ’страх, прыстрашэнне’, бел. пастрашэнне ’пагроза пакараннем’ (Нас.) ∼ польск. postraszenie ’пагроза, запалохванне’, брасл. пастрашэ́нства ’застрашванне’ (Сл. ПЗБ), якое ўтворана падобна, як бел. непаслушэнства ці польск. okrucieństwo ’лютасць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)