◎ Пахлапе́нь ’лапаць, падшыты вяровачнай пляцёнкай’ (Нас.), пахлапні, похлапні ’плецяны абутак з вяровак’ (Малч., Дэмб. 2, Касп., Мат. Маг., Мат. Гом.; бых., Рам. 8), ’лапці касога пляцення, падплеценыя вітушкамі пянькі або тонкімі вяровачкамі’ (Бел. нар. адзенне, Мн., 1975, 70). Утворана ад хлоп, ахлопак ’касмык, шкумат, шматок’ (Нас., Бяльк.) пры дапамозе суфікса -ень (аб ім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 38–39), да якога пад уплывам лексемы пасталы далучылася прыстаўка п(а)‑. Сюды ж пераноснае пихлапень ’неакуратны’ (Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)