Надве́чар, на́двячар ’пад вечар’ (Сл. ПЗБ), надвычі́р ’тс’ (драг., З нар. сл.), надве́чо́р, надвечэрэ́ ’тс’ (ТС), надвечары (Колас). Спалучэнне прыназоўніка над у часавым значэнні, які па семантыцы адпавядае прыназоўніку перад, з назоўнікам у акузатыўнай форме, што характэрна як архаічная рыса шэрагу славянскіх моў, параўн. чэш. nad večer již jest, серб.-харв. над вечер, укр. над вечір, балг. над вечер ’перад вечарам’; формы на галосны адпавядаюць спалучэнню з лакатывам (ESSJ SG, 1, 125), паводле Шубы — вынік кантамінацыі надвечар × увечары (Шуба, Прысл., 115).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)