Мужы́к ’муж’, ’селянін’; ’грубы, нявыхаваны чалавек, мужчына’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Грыг., Яруш., Касп., Жд. 1, Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС, Ян.; Пан. дыс.), мужычы́ло, мужы́чына ’мужчына-здаравяк’ (ТС), мужы́чка ’сялянка’ (ТСБМ, Растарг., ТС), мужучонак ’сялянскі сын, невук’ (Нас.). Першапачаткова — памяншальнае ад муж (гл.): людзей ніжэйшага стану трактавалі як недарослых, параўн. польск. mużyk, чэш. mužík ’карлік’ (Фасмер, 2, 671; Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 356).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)