Магары́ч, магары́ш ’пачастунак асобы, якая атрымала прыбытак ад здзелкі’ (Нас., ТСБМ, Шпіл., Растарг., ТС), ’барыш’ (Нас.), ’аплата слугам за год’ (Чач.), магары́чнік ’асоба, якая любіць піць на барышах’, ’зводнік’ (Нас.). Ст.-бел. могоричъ ’магарыч’ (1598 г.), могаричникъ (1539 г.). Рус. могоры́ч, магары́ч, арэнб. магара́ ’падарунак’, укр. могори́ч, могри́ч ’пачастунак’, ст.-рус. могорьць (1496 г.). Праз рус. мову запазычана з цюрк. < араб. maḫārij ’выдаткі’ (Гл. Корш, AfslPh, 9, 654; Бернекер, 2, 67; Фасмер, 2, 635; Булыка, Запазыч., 205). Насовіч (287) памылкова з літ. magariczy ’выпіўка пасля торгу’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)