Лікава́нне ’баляванне, банкет’, ’радасць, весялосць’ (Нас.), лікава́ць ’праяўляць вышэйшую ступень радасці з выпадку выдатнай падзеі’ (ТСБМ), укр. ликувати ’тс’, лик ’натоўп, сход’, рус. ликовать, ст.-рус. ликовати ’тс’, ’вадзіць карагоды, спяваць’, ’спяваючы ўслаўляць’, ст.-слав. ликъ ’хор, натоўп’, балг. лик ’хор’. Да прасл. likъ, якое (паводле Фасмера, 2, 495) было запазычана з гоц. laiks ’танец’, laikan ’скакаць’, ст.-ісл. leikr ’гульня’, — яны з’яўляюцца роднаснымі да літ. láigyti ’насіцца’, ст.-інд. rḗjate ’скача, трасецца’, н.-перс. ālēχtan ’скакаць, брыкацца’, ст.-грэч. λιγαίνω ’моцна ўсхваляю, спяваю’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)