Ляме́ха, ляме́шка, леме́шка ’рэдкая каша з мукі з маслам ці салам’, ’зацірка’, ’кулеш з мукі’, ’густа звараная страва’, ’яда з грэцкай мукі з салам’ (раг., Сл. ПЗБ), ’ежа з падсмажанай мукі, залітай варам ці малаком’, ’расцёртая ў малацэ звараная бульба’ (ТСБМ, Маш., Нас., Янк. БП, Вешт., Мат. Гом., Растарг., ТС), глус. ’няўдала згатаваная страва’ (Мат. Янк.). Укр. лемі́шка, лімі́шка, лемʼєшка, рус. кастр., смал. леме́шка ’тс’. Польск. lemieszka ’тс’ з бел. (Слаўскі, 4, 148). Фасмер (2, 480) далучае да ўсх.-слав. лексемы і балг. лемец (лемец, лемъц, лимец) ’полба’, ’сорт пшаніцы, Triticum spelta’, аднак БЕР (3, 406) адносяць іх да запазычанняў з грэч. ἔλυμος ’проса’. Славен. lȋmec ’квашаніна’. Бязлай (2, 142), аднак, збліжае з ляме́шка. Найбольш прыймальным будзе паходжанне лексемы як запазычанне з угра-фінскіх моў: фін. liemi ’суп, поліўка’, мард. lʼemʼ венг. leves ’суп, сок’, вепск. lʼemuz ’поліўка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)