Клоп ’насякомае-паразіт, якое корміцца кроўю жывёл і чалавека’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Бяльк.). Укр. клоп, рус. клоп ’тс’, серб.-харв. кло̏п ’клешч’, славен. klòp ’тс’. Прасл. klopъ не мае надзейнай этымалогіі. Цікавае супастаўленне з балг. клопам ’кішэць’ (БЕР, 2, 467). Параўн. Якабсон, Word, 8, 388. Нельга рашуча аспрэчваць і метатэзу klopъ < *plokъ, маючы на ўвазе балтыйскія паралелі літ. blãkė ’клоп’, лат. blakts ’тс’ (параўн. вядомае прасл. pekti ∼ літ. kèpti). Можна меркаваць таксама аб klopъ ∼ klapati ’біць, плюшчыць’, параўн. польск. pluskwa, ploszczyca ’клоп’. Іншыя версіі зусім неверагодныя.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)