Ке́льня1 ’прылада муляра, тынкоўшчыка ў выглядзе трохвугольнай лапаткі для набірання і нанясення раствору на мур’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Бяльк., Гарэц.). З польск. kielnia ’тс’. На польск. глебе адбылася словаўтваральная інавацыя (суфікс ‑nia), першакрыніца — с.-н.-ням. kelle ’тс’ (Слаўскі, 3, 142).

Ке́льня2 ’старая невялікая хата, пакойчык’ (Мат. Гом., Бяльк., Нар. словатв.). Да келля (гл.).

Ке́льня3 ’кузаў у возе ў выглядзе плеценага паўкаўша’ (Нар. словатв.) < польск. kielnia ’тс’, якое з ням. Wagenkelle. Параўн. кельня1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)