Ізне́цількі ’раптам, нечакана, знянацку’ (Бяльк.), зьне́ціўка, зьняце́йку ’тс’ (Бяльк.). Рус. смал. зне́цильку ’тс’. Мяркулава (Этимология, 1977, 88–92) звязвае са ст.-рус. нецевенье, нецевелье ’прытомнасць’ (< прасл. *nečevenьje, *nečevelь), якое захавалася ў пск., смал. і калуж. гаворках. Сюды ж бел. зьнячы́вілі ’несвядома; кулём, стрымгалоў’ (Байк. і Некр., Бяльк.), знечи́вили (Нас.), знячэ́ўку ’знянацку, нечакана; выпадкова, мімаволі’ (ТСБМ), смал. знечи́виле ’несвядома, неабдумана’, укр. знече́вʼя ’нечакана, знянацку’ (Грынч.), да якіх Мяркулава прыцягвае бел. дыял. чо́віць рупіцца, дбаць’. Семантычная трансфармацыя ’непрытомнасць’ → ’раптам, нечакана’ праз ступень ’несвядома’, якую адлюстроўвае бел. зьнячы́вілі. Аднак Мяркулава не ўлічвае існаванне форм з ‑т‑; зах.-рус. зне́тику, зне́тики ’знянацку, раптам, нечакана’, укр. зне́телькі ’тс’ (Грынч.). Ці не сюды рус. пск., цвяр. изне́тить ’знішчыць, звесці; прамантачыць’, пск., цвяр., арханг., паўн.-дзвін. изне́титься ’разбурыцца; знікнуць; знішчыцца’, пск., цвяр., зах.-бранск. зне́титься ’збяднець, згалець; знікнуць’, вяц. изне́товать ’страціць, зрасходаваць; звесці’, маск. из‑не́ту ’без прычыны’, якія паказваюць на магчымую сувязь са ст.-рус. нетъ?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)