Ахвя́ра (БРС, Грыг., Мядзв., Гарэц., Касп.), афяра (Нас., Касп., Мал., Сцяшк.), ’рэлігійны зарок; дар у царкву, касцёл’ (Нік. Очерки, 152), афяры ’рэчы, якія давалі ў царкву’ (Арх. ГУ), ахвярнік ’асоба, якая ходзіць па вёсках і збірае грошы на рэлігійныя патрэбы’ (КЭС, лаг.), ахвяраваць (БРС, Гарэц., Бяльк., Грыг.), афяраваць (Сцяшк.), ’даць зарок’ (Мал.), ст.-бел. з канца XV ст. офяра і офера (Гіст. мовы, 1, 198, 218), з першай палавіны XV ст. ѡферовати ’ахвяраваць, даваць зарок’ (Нас. гіст.; Гіст. мовы, 1, 52), укр. охвіра, офіра, охвірувати. Запазычана з польск. ofiara (ст.-польск. ofiera), ofiarować, гл. Цвяткоў, Запіскі, 1, 53; Гіст. мовы, 1, 181, дзе з чэш. ofěra, ст.-чэш. offěra, offerovati ад лац. offere ’запрапанаваць, прынесці ў дар’, параўн. Шцібэр, RÉS, 39, 8; Махэк₂, 410, Кюнэ, Poln., 82; Басай і Сяткоўскі (SEPS, 11 (1972), 14) дапускаюць для чэшскага слова нямецкае пасрэдніцтва (с.-в.-ням. Opfer).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)