Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

«ТРЭ́ЦЯЕ АДДЗЯЛЕ́ННЕ» Уласнай яго імператарскай вялікасці канцылярыі,

орган паліт. вышуку і следства ў Расіі ў 1826—80. Кіраўнікі: гал. начальнік (адначасова шэф жандараў) і ўпраўляючы (у 1839—71 адначасова нач. штаба корпуса жандараў). Складалася з 5 экспедыцый, агульнага архіва, 2 сакрэтных архіваў і друкарні. Выканаўчыя органы: установы і вайсковыя часці корпуса жандараў (гл. Жандармерыя). «Т.а.» выявіла сваю неэфектыўнасць у барацьбе з рэв. народніцтвам канца 1870-х г. (у 1879 у яго кіруючы апарат пранік агент «Народнай волі» М.​В.​Клетачнікаў) і ў жн. 1880 скасавана, функцыі перададзены Дэпартаменту паліцыі МУС. Гал. начальнікі «Т.а.»: А.Х.Бенкендорф (1826—44), А.​Ф.​Арлоў (1844—56), В.​А.​Далгарукі (1856—66), П.​А.​Шувалаў (1866—74), А.Л.Патапаў (1874—76), М.​У.​Мезянцоў (1876—78, забіты), А.​Р.​Дрэнтэльн (1878 — сак. 1880), П.​А.​Чарэвін (сак. — жн. 1880).

т. 16, с. 18

ТРЭ́ЦЯЕ САСЛО́ЎЕ,

падатковае насельніцтва Францыі ў 15—18 ст. (купцы, рамеснікі, сяляне, пазней таксама прадпрымальнікі і рабочыя). Называлася 3-м у адрозненне ад першых двух саслоўяў — духавенства і дваранства, якія не абкладаліся падаткамі (у 18 ст. толькі невял. агульнадзярж. падаткам). Т.с. спыніла існаванне ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99, якая ліквідавала саслоўныя адрозненні. У гіст. л-ры і публіцыстыцы франц. тэрмін «Т.с.» ўжываецца ў дачыненні да непрывілеяванага насельніцтва многіх краін, а не толькі Францыі, але звычайна ў больш вузкім (гандл., прамысл., фін. буржуазія, ч. інтэлігенцыі) значэнні.

т. 16, с. 18

«ТРЭЦЯЧЭ́РВЕНЬСКАЯ МАНА́РХІЯ»,

пашыраная ў гіст. л-ры назва паліт. рэжыму ў Расійскай імперыі пасля падзей 3(16).6.1907 (роспуск 2-й Дзярж. думы, новае выбарчае заканадаўства, якое істотна абмежавала выбарчыя правы рабочых, сялян і жыхароў нац. ускраін), якія многія гісторыкі разглядаюць як дзярж. пераварот і канец рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. У 1907 — пач. 1917 у Расіі працягвала фарміравацца канстытуцыйна-дуалістычная манархія, дзе заканад. ўлада належала імператару і двухпалатнаму (Дума і Дзярж. савет) парламенту, вышэйшая выканаўчая — імператару і адказным перад ім міністрам, вышэйшая суд. і кантрольная — Сенату. Аднак паводле заканадаўства 1906 («Збор асноўных законаў Расійскай імперыі») імператар заставаўся носьбітам самадзяржаўнай (абсалютнай) улады. Пытанне аб дзярж. форме кіравання ў Расіі ў 1907 — лют. 1917 застаецца дыскусійным. Напр., паводле класіфікацыі рас. правазнаўца В.​Чыркіна, Расія ў той час валодала сегментарнай дзярж. формай, якая дапускала пэўны падзел функцый паміж рознымі дзярж. ін-тамі пры ажыццяўленні паліт. улады, але пры адсутнасці сістэмы стрымліванняў і проціваг галін улады фактычна дамінавала выканаўчая ўлада ў асобе імператара. Пры правядзенні праз Думу розных па сац. накіраванасці законаў урад звычайна апіраўся на блокі найб. шматлікай, праваліберальнай фракцыі акцябрыстаў з памяркоўна-правымі дэпутатамі або, наадварот, з леваліберальнай фракцыяй кадэтаў (тактыка банапартызму). Урад П.А.Сталыпіна (1906—11) праводзіў агр. і інш. рэформы, рашуча і жорстка змагаўся з рэв. рухам. Ва ўмовах 1-й сусв. вайны ўлада імператара ўзмацнілася, 16.9.1915 прыпынена дзейнасць Дзярж. думы. Працяглы ўрадавы крызіс 1915—17 (змяніліся 4 старшыні ўрада, шмат міністраў) непасрэдна папярэднічаў Лют. рэвалюцыі 1917, якая паклала канец «Т.м.».

Літ.:

Чиркин В.Е. Элементы сравнительного государствоведения. М., 1994. С. 22—24;

Сташкевіч М. Перадумовы і працэс стварэння палітычных партый на Беларусі (канец XIX ст.—люты 1917 г.) // Бел. гіст. часоп. 1999. № 4.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 16, с. 18

ТРЭ́ЦЯЯ ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў КІТА́І 1946—49,

вайна паміж узброенымі сіламі Камуністычнай партыі Кітая (КПК) і ўрада Кіт. Рэспублікі, які ўзначальваў Гаміньдан; заключны этап нар.-дэмакр. рэвалюцыі ў Кітаі. Пасля заканчэння Нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—46 б. саюзнікі (КПК і Гаміньдан) сталі рыхтавацца да барацьбы паміж сабой. У выніку перамогі Чырв. Арміі ў савецка-японскай вайне 1945 узбр. сілы КПК захапілі шэраг раёнаў Цэнтр. Кітая і Маньчжурыю. СССР перадаў КПК зброю і тэхніку яп. Квантунскай арміі, а таксама дапамог стварэнню ў Маньчжурыі Аб’яднанай дэмакр. арміі (АДА); у выніку аб’яднання АДА і войск КПК створана Нар.-вызв. армія Кітая (НВАК). У чэрв. 1946 войскі Гаміньдана разгарнулі наступленне на раёны, якія былі пад кантролем КПК і ў сак. 1947 захапілі г. Яньань, дзе знаходзілася кіраўніцтва КПК, і пачалі наступленне ў Маньчжурыі, дзе іх войскі былі заблакіраваны. Летам 1947 у контрнаступленне перайшла НВАК і да восені 1948 разграміла войскі Гаміньдана ў Маньчжурыі, 31.1.1949 авалодала г. Пекін, 24.4.1949 — г. Нанкін. Гаміньданаўскія салдаты масава здаваліся ў палон і ўступалі ў НВАК. 21.4.1949 войскі НВАК фарсіравалі Янцзы. Да кастр. 1949 НВАК дасягнула г. Гуанчжоў. 1.10.1949 у Пекіне абвешчана Кіт. Нар. Рэспубліка, што азначала перамогу КПК у грамадз. вайне, хоць барацьба з рэшткамі гаміньданаўскіх войск працягвалася да канца 1950. Урад Кіт. Рэспублікі разам з рэшткамі сваёй арміі эвакуіраваўся на в-аў Тайвань, які да гэтага часу застаецца пад яго кантролем.

Літ.:

История Китая. 2 изд. М., 2002;

Тихвинский С.Л. Путь Китая к объединению и независимости, 1898—1949: По материалам биогр. Чжоу Эньлая. М., 1996.

В.​У.​Адзярыха.

т. 16, с. 18

ТРЭ́ЦЯЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ.

Адбылася 5—18.1.1926 у Маскве. Удзельнічала 20 дэлегатаў з рашаючым і 5 з дарадчым голасам ад Брэсцкай, Беластоцкай, Гродзенскай, Віленскай, Баранавіцкай і Пінскай акруг, ЦК КСМЗБ. Канферэнцыя была раўназначная з’езду партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КПП і ЦК КПЗБ, аб сітуацыі ў краіне і тактыцы партыі; аб рабоце ў прафсаюзах; аб рабоце ў вёсцы; арганізац. пытанні; аб рабоце КСМЗБ; выбары; бягучыя пытанні. У рабоце канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі Выканкома Камінтэрна, Кампартый Польшчы і Літвы. Найб. важнай праблемай на канферэнцыі было вызначэнне тактыкі партыі і шляхоў арганізац. ўмацавання. Прызнана памылковай ультралевая ацэнка сітуацыі, дадзеная ў рашэннях Другой канферэнцыі КПЗБ, і вызначаная ёй тактыка падрыхтоўкі ўзбр. паўстання. У рэзалюцыі аб прафсаюзах важнымі задачамі канферэнцыя лічыла больш гнуткую тактыку ў барацьбе за адзінства прафс. руху, умацаванне прафсаюзаў і пераўтварэнне іх у баявыя арг-цыі пралетарыяту. Канферэнцыя вызначыла праграму барацьбы за збіранне сіл рабочага класа, сялянства і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі шляхам выкарыстання гнуткай тактыкі адзінага фронту і паўсядзённай барацьбы за частковыя патрабаванні дэмакр. характару. У склад абранага ЦК КПЗБ увайшлі А.​А.​Альшэўскі, Л.​Н.​Аранштам, М.​С.​Арэхва, Ф.​Е.​Кастылюк, І.​К.​Лагіновіч, С.​Т.​Мілер, А.​С.​Славінскі, Г.​І.​Шагун (члены), Х.​Р.​Гелер, Л.​І.​Родзевіч, Л.​Р.​Шайкоўскі (кандыдаты).

Літ.:

Постановления III конференции Коммунистической партии Западной Белоруссии. [Вильна], 1926.

У.​Ф.​Ладысеў.

т. 16, с. 18

ТРЭ́ЦЯЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржаўны лад у Францыі ў 1870—1940. Абвешчана 4.9.1870 з падзеннем Другой імперыі, канстытуцыя прынята ў 1875. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, вышэйшы заканад. орган — двухпалатны Нац. сход, перад якім нёс адказнасць урад. Пасля разгрому Францыі Германіяй у пач. 2-й сусв. вайны ўся ўлада 10.7.1940 перададзена маршалу А.Ф.Петэну, што азначала ліквідацыю Т.р.

т. 16, с. 19

ТРЭ́ЦЯЯ УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТА,

юрыдычны і паліт. акт, прыняты Радай Беларускай Народнай Рэспублікі (Радай БНР) 25.3.1918 у Мінску пра абвяшчэнне незалежнасці Беларусі. Прынята па ініцыятыве прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады на чале з А.​І.​Луцкевічам большасцю галасоў. Пры галасаванні ўстрымаліся прадстаўнікі Аб’яднанай яўр. сацыяліст. рабочай партыі, ЯСДРП (Паалей Цыёна) і рас. сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Земская фракцыя выйшла з Рады БНР. Трэцяй Устаўнай граматай Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнаю і вольнаю дзяржавай, скасоўваліся старыя дзярж. сувязі; Народнаму сакратарыяту Беларусі даручалася прапанаваць усім зацікаўленым бакам перагледзець тую частку Брэсцкага міру 1918, што датычыла Беларусі, самастойна падпісаць мірны дагавор з дзяржавамі, якія ваявалі. Аб будучых дзярж. сувязях павінны былі вырашыць самі народы Беларусі ў асобе Устаноўчага сойма. Называліся канкрэтныя тэрыторыі, якія павінны ўвайсці ў склад БНР: Магілёўшчына, бел. часткі Міншчыны і Віцебшчыны, Гродзеншчыны (з гарадамі Гродна і Беласток), Віленшчыны, Смаленшчыны, Чарнігаўшчыны і сумежныя часткі суседніх губ., заселеных беларусамі (меліся на ўвазе Сувалкаўская і Ковенская губ.). У грамаце пацвярджаліся правы і свабоды грамадзян, гарантаваныя Другой Устаўнай граматай.

А.​М.​Сідарэвіч.

Трэцяя Устаўная грамата Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

т. 16, с. 19

ТРЭ́ШНІКАЎ Аляксей Фёдаравіч (14.4.1914, с. Паўлаўка Барышскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 18.11.1991),

расійскі географ, акіянолаг, палярны даследчык. Акад. АН СССР (1981), чл.-кар. (1976). Герой Сац. Працы (1949). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). З 1939 у Арктычным і Антарктычным НДІ (з 1960 дырэктар). З 1978 прэзідэнт Геагр. т-ва СССР. З 1982 дырэктар НДІ азёразнаўства. Навук. працы па гідралогіі, метэаралогіі і гісторыі вывучэння палярных краін. Кіраваў шматлікімі палярнымі экспедыцыямі, у т. л. дрэйфуючай станцыяй «Паўн. полюс-3», 2-й і 13-й антарктычнымі экспедыцыямі. Удзельнічаў у стварэнні «Атласа Антарктыкі» (т. 1—2, 1966—69). Дзярж. прэмія СССР 1971.

Тв.:

История открытия и исследования Антарктиды. М., 1963;

Структура циркуляции вод Арктического бассейна. Л., 1972 (разам з Г.​І.​Баранавым).

т. 16, с. 19