ТРАГЕ́ДЫЯ (грэч. tragōdia ад tragos казёл + ōdē песня),
від драмы, засн. на глыбокіх, трагічных калізіях (гл. Трагічнае), супярэчнасцях, якія развіваюцца ў востры, непрымірымы канфлікт, што вядзе да гібелі станоўчых герояў ці абодвух процідзейных бакоў, да сутыкнення моцных характараў, логікай падзей асуджаных на пакуты, значныя страты, на безвыходнасць. Сцвярджальны пафас Т. найчасцей увасоблены ў вобразе незвычайнай асобы, носьбіта высокіх ідэалаў. Асн. праблематыка — злачынства і пакаранне, адзінота чалавека сярод людзей, маральная адказнасць, сэнс жыцця, подзвіг у імя высокай ідэі і інш.; цэнтр. героі — асобы выключныя, высакародныя (у стараж. грэкаў — багі і цары).
Т. зарадзілася ў Стараж. Грэцыі з культу Дыяніса; напачатку была далёкая ад пазнейшых жанрава-атрыбутыўных форм. Вылучэнню ўласна Т. з культава-рэліг. відовішчаў садзейнічала ўзвелічэнне ролі карыфея хору сатыраў, што прывяло да строгага чаргавання песенных частак з дэкламацыйным апавяданнем пра пакуты і прыгоды героя. Росквіту дасягнула ў 5 ст. да н.э. (Эсхіл, Сафокл, Эўрыпід). Катарсіс, ачышчэнне праз пакуты і спагаду — мэта ант. Т. Сінкрэтызм грэч. Т. — прычына яе замірання ў пазнейшую эпоху. На новым маст.-выяўл. узроўні адрадзілася ў эпоху Рэнесансу і барока. У трагедыях К.Марла, Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона, У.Шэкспіра дзейнічаюць шматгранныя характары. У перыяд класіцызму найлепшыя Т. стварылі П.Карнель, Ж.Расін, у рус. л-ры — А.Сумарокаў, Я.Княжнін, У.Озераў. У межах патрабаванняў класіцызму (адзінства часу, месца дзеяння) Т. стварыў Ф.Шылер. Пачынаючы з трагічных драм рамантыкаў (Дж.Байран, В.Гюго, М.Лермантаў і інш.), складваюцца жанры, што адрозніваюцца ад класічнай Т. прынцыпамі рэаліст. абагульнення (мяшчанская Т., рамантычная Т., меладрама, гіст. драма, нар. драма). Далейшая трансфармацыя Т. адбылася ў рэаліст. л-ры. Усё часцей трагедыйная танальнасць спалучаецца з камедыйнай (гл. Трагікамедыя). Значны ўклад у развіццё жанру зрабіла рус. л-ра («Барыс Гадуноў», «Скупы рыцар», «Моцарт і Сальеры» А.Пушкіна, «Навальніца» А.Астроўскага, «Смерць Іаана Грознага» А.К.Талстога і інш.).
Першыя спробы стварэння бел. Т. адносяцца да 18 ст. («Суддзя без розуму» К.Марашэўскага, «Сапар» і «Фемістокл» М.Цяцерскага, «Крэз» І.Юрэвіча; усе на польскай мове). У пач. 20 ст. на аснове трагедыйных калізій напісаны п’есы «Антось Лата» Я.Коласа, «Пакрыўджаныя» Л.Родзевіча, «Бязродны» У.Галубка, «Чырвоныя кветкі Беларусі» В.Гарбацэвіча і інш. У бел. сав. л-ры з яе арыентацыяй на аптымістычнасць пафасу жанр Т. развіваўся менш інтэнсіўна, чым іншыя, нешматлікія трагедыйныя творы тэматычна далучыліся да гераічнай тэматыкі («Людзі і д’яблы» К.Крапівы, «Першы ўрок» К.Губарэвіча, «Юныя мсціўцы» В.Хазанскага і А.Гутковіча, «Шпачок» А.Махнача, «Рашэнне» В.Быкава, «Злавеснае рэха» А.Петрашкевіча і інш.) або гіст. («Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча, «Званы Віцебска» У.Караткевіча, «Купала» А.Дударава і інш.).
Літ.:
Семяновіч А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Кн. 1—2. Мн., 1969—72.
С.С.Лаўшук.
т. 15, с. 496