ЯСТРЭ́БСКІ Мікалай Феліксавіч (10.7.1808, Рэчыцкі павет Мінскай губ., цяпер Гомельская вобл. — 1874),

бел. і рас. інжынер-будаўнік і механік. Праф. (1843). Скончыў Віленскі ун-т (1830) і Пецярбургскі ін-т Корпуса інжынераў шляхоў зносін (1832), дзе і працаваў. Праводзіў навук. даследаванні па дынаміцы машын, супраціўленні і трываласці матэрыялаў, буд. механіцы. У 1847—61 нач. аддзялення Магілёўскай акругі шляхоў зносін. Пад яго кіраўніцтвам пабудаваны дарогі Магілёў—Кіеў, Магілёў—Бабруйск, Магілёў—Доўск, распрацаваны праекты мастоў цераз рэкі Дняпро ў г. Магілёў (пабудаваны ў 1860) і Зах. Дзвіна ў г. Віцебск. Аўтар першага на рус. мове «Курса практычнай механікі» (т. 1—2, 1837—38), за які атрымаў Дзямідаўскую прэмію 1839. Быў аматарам маст. літаратуры і прыхільнікам таленту М.​В.​Гогаля.

Літ.:

Гусак А.А. Практычная механіка і «Мёртвыя душы»;

Мікалай Ястрэбскі. Мн., 1992.

П.​Г.​Космач.

т. 18, кн. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)