Я́МАНТ Іосіф (Юзаф) Мацвеевіч (1841, Вільня — ?),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 на Беларусі і ў Літве. Брат М.Ямант. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1858—61), дзе далучыўся да вызв. руху. Прыхільнік партыі «чырвоных». З лета 1863 сакратар К.Каліноўскага, яго паплечнік па кіраўніцтве паўстаннем. Кватэра Я. ў Вільні — адна з гал. канспіратыўных кватэр Каліноўскага таго перыяду. Па даручэнні Каліноўскага вёў палеміку з Варшавай, склаў найважнейшыя інструкцыі для мясц. паўстанцкіх структур. З вер. 1863 у Мінску наладжваў работу паўстанцкай арг-цыі, з кастр. 1863 паўстанцкі камісар Мінскай губ. У студз. 1864 арыштаваны і высланы ў Сібір (г. Томск), дзе ўдзельнічаў у дзейнасці рэв. арг-цыі.
Літ.:
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. М., 1963;
Каліноўскі К. За нашую вольнасць: Тв., дак. Мн., 1999.
Г.В.Кісялёў.
т. 18, кн. 1, с. 265
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)