Ю́ДЗІЧЫ,
археалагічныя помнікі (2 групы курганных могільнікаў і селішча) каля в. Юдзічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Курганны могільнік-1 належаў радзімічам, датуецца 11 ст.; налічваў 169 насыпаў выш. 1—2 м, дыям. 6—12 м. Вакол многіх курганоў прасочваюцца раўкі. Абследавалі Е.Р.Раманаў (1890) і А.М.Ляўданскі (1930), раскопкі праводзілі Г.Ф.Салаўёва (1968), А.М.Плавінскі і В.Н.Рабцэвіч (1979—80), даследавана 15 насыпаў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце (зрэдку на пясчанай падсыпцы) галавой на 3. Пахаванні ў асн. адзіночныя, у трох выпадках — парныя. Знойдзены фрагменты ганчарнага посуду, жал. нажы, абручы і дужкі ад вёдзер, гліняная льячка, бронзавая трохдрацяная грыўня, драцяныя бранзалетападобныя і сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы, бранзалеты, пярсцёнкі, бронзавыя псеўдазярнёныя крыжыкі і шыракарогія лунніцы, бронзавыя і сярэбраныя званочкі, касцяныя амулеты, разнастайныя пацеркі (золата- і сярэбрана-шкляныя, чорнашкляныя з белай эмаллю — «у вочкі», сердалікавыя, бурштынавыя, з горнага хрусталю і інш.). У каралях-маністах выяўлены араб. дырхем 10 ст. Могільнік-2 і селішча не даследаваліся.
А.М.Плавінскі.
т. 18, кн. 1, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)