ЮГУ́РТА (Jugurtha; 160—104 да н.э.),
цар Нумідыі. Унук цара Масінісы. Пасля смерці свайго дзядзькі цара Міцыпсы (118 да н.э.) Ю. з 2 стрыечнымі братамі (Адгербалам і Гіемпсалам) атрымаў у спадчыну прастол. У барацьбе за ўладу Гіемпсал забіты, Адгербал уцёк за падтрымкай у Рым. Падкупіўшы сенатараў, Ю. дамогся падзелу Нумідыі, аднак усх. частку са сталіцай Цыртай атрымаў Адгербал. У 112 да н.э. Ю. пачаў вайну, захапіў Цырту, па яго загадзе забіты Адгербал і ўсе мужчыны, у т. л. італікі і рымляне. Гэта стала падставай для Рыма пачаць у 111 да н.э. вайну (гл. Югурцінская вайна). Пасля паражэння Ю. ў вайне на бок Рыма перайшоў яго цесць, цар Маўрытаніі Бокх, які выдаў Ю. рымлянам (105 да н.э.). Ю. праведзены па Рыме ў час трыумфу Г.Марыя і закатаваны ў Мамерцінскай турме.
А.Г.Зельскі.
т. 18, кн. 1, с. 204
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)