ЭТАНОЛАМІ́НЫ,

амінаспірты агульнай формулы RR′NCH2CH2OH. Вядомы монаэтаноламін — HOCH2CH2NH2, дыэтаноламін — (HOCH2CH2)2NH і трыэтаноламін — (HOCH2CH2)3N.

Бясколерныя вязкія гіграскапічныя вадкасці са спецыфічным амінным пахам; неабмежавана змешваюцца з вадой, добра раствараюцца ў этаноле, бензоле, хлараформе, дрэнна — у гептане. У прам-сці Э. атрымліваюць вадкафазным аманолізам этыленаксіду. ў прысутнасці невял. колькасці вады. Маюць уласцівасці амінаў і спіртоў. Слабыя асновы; з мінер. і моцнымі арган. к-тамі даюць солі. Солі з тлустымі к-тамі — некрышт. рэчывы, падобныя на воск. Выкарыстоўваюцца ў прам-сці як эмульгатары (этаноламінныя мылы). як сыравіна для атрымання мыйных сродкаў і інш.; дыэтаноламін — у вытв-сці пластыфікатараў, інгібітараў карозіі і інш.

т. 18, кн. 1, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)