ЭСКА́РП (франц. escarpe ад італьян. scarpa адкос, схіл),

1) круты адкос рова з унутр. боку доўгачасовага або палявога ўмацавання, які выкарыстоўваўся да пач. 20 ст. як проціштурмавая перашкода. Пры буд-ве крэпасцей і фортаў Э. прыкрываўся сцяной.

2) Процітанкавая земляная загарода ў выглядзе высокага (2—3 м) крутога зрэзу схілу пагорка (15—45°) або павернуты ў бок праціўніка бераг ракі, умацаваны драўляным прыкрыццём (калоды, накатнік), часам камянямі. Э. шырока выкарыстоўваліся ў 2-ю сусв. вайну. Фасы Э. прастрэльваліся фланкіруючым артыл. або кулямётным агнём, подступы мініраваліся. Гл. таксама Загароды ваенныя, Контрэскарп.

І.​А.​Шор.

Эскарп: 1 — на пакатым схіле; 2 — на стромым схіле.

т. 18, кн. 1, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)