ЭЛЕКТРАСТА́ТЫКА (ад электра... + статыка),
раздзел фізікі, які вывучае ўласцівасці і ўзаемадзеянні электрычных зарадаў, нерухомых адносна выбранай інерцыяльнай сістэмы адліку. Грунтуецца на Кулона законе, асн. тэарэма — Гаўса тэарэма.
Узаемадзеянні паміж нерухомымі эл. зараджанымі часціцамі (ці целамі) ажыццяўляюцца праз электрастатычнае поле. Тыповыя задачы Э. — знаходжанне напружанасці электрычнага поля (ці электрычнага зрушэння), створанага сістэмай эл. зарадаў, размеркавання зарадаў па паверхнях праваднікоў пры вядомых іх поўных зарадах ці патэнцыялах кожнага з іх, вылічэнне энергіі сістэмы праваднікоў па іх зарадах і патэнцыялах. Законы Э. выкарыстоўваюць у эл. апаратах, электронна-аптычных прыладах, паскаральніках зараджаных часціц і інш. Гл. таксама Электрадынаміка.
Літ.:
Тамм И.Е. Основы теории электричества. 10 изд. М., 1989.
т. 18, кн. 1, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)