ЭЛЕКТРААКУ́СТЫКА,

раздзел прыкладной фізікі, у якім вывучаюцца тэорыя, метады разліку і канструяванне электраакустычных пераўтваральнікаў. Часта да Э. адносяць тэорыю і метады разліку эл.-мех. пераўтваральнікаў (гуказдымальнікаў, рэкордэраў, вібраметраў, эл.-мех. фільтраў і трансфарматараў і інш.), звязаных з эл.-акустычнымі пераўтваральнікамі агульнасцю фіз. механізмаў, метадаў разліку і канструявання.

Асн. задача Э. — вызначэнне суадносін паміж сігналамі на ўваходзе і на выхадзе пераўтваральніка і адшуканне ўмоў, пры якіх пераўтварэнне ажыццяўляецца найб. эфектыўна ці з найменшымі скажэннямі. Як самаст. раздзел прыкладной акустыкі Э. склалася ў 1-й пал. 20 ст. Першыя работы па разліках эл.-акустычных пераўтваральнікаў звязаны з развіццём тэлефаніі, выкарыстання ваганняў п’езаэл. і магнітастрыкцыйных рэзанатараў. Істотным для развіцця Э. з’явілася стварэнне метаду эл.-акустычных аналогій і эквівалентных схем (гл. Электраакустычныя і электрамеханічныя аналогіі).

т. 18, кн. 1, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)