ЭКСПРЭСІ́ЎНАСЦЬ (ад лац. expressio выражэнне) у генетыцы, ступень праяўлення ў фенатыпе аднаго і таго ж алеля пэўнага гена ў розных асобін. Адзін з асн. паказчыкаў фенатыпічнай зменлівасці праяўлення генаў, які выкарыстоўваюць у фенагенетыцы, мед. генетыцы, селекцыі. Алелі розных генаў характарызуюцца рознай Э., напр., у чалавека алелі груп крыві ABO маюць амаль пастаянную Э., а алелі, што вызначаюць колер вачэй, — зменлівую. Зменлівая Э. залежыць ад умоў навакольнага асяроддзя (гл. Мадыфікацыі) і ад спалучэння алеляў інш. генаў (генатыпічнасць асяроддзя). У выпадках вельмі зменлівай Э. (да адсутнасці адзнакі ў некат. асобін) выкарыстоўваюць дадатковую характарыстыку праяўлення генаў — пенетрантнасць.
С.С.Ермакова.
т. 18, кн. 1, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)