ШЧЫ́ЛЬНАСЦЬ цела,
фізічная велічыня, для аднароднага цела (рэчыва) роўная адносінам масы цела да яго аб’ёму (аб’ёмная Ш.). Вызначаецца формулай ρ = m/V, дзе m — маса і V — аб’ём цела. Дыяпазон значэнняў Ш. прыродных рэчываў і асяроддзяў надзвычай шырокі, напр., Ш. сухога паветра пры нармальных умовах роўная 1,29 кг/м³, вады (пры 4 °C) — 1000 кг/м³, осмію — 22 610 кг/м³.
Расце з павелічэннем ціску і змяншаецца з павелічэннем т-ры (за выключэннем, напр., вады, чыгуну, плаўленага кварцу ў некаторых дыяпазонах т-р). Пры плаўленні (крышталізацыі) і выпарэнні (кандэнсацыі) змяняецца скачком. Для аднародных двухмерных цел (напр., тонкай плёнкі) уводзіцца паверхневая Ш., роўная адносінам масы выбранай ч. цела да плошчы яго паверхні, а для аднародных аднамерных цел (напр., тонкай ніткі) — лінейная Ш., роўная адносінам масы выбранай ч. цела да яго даўжыні. Адзінка аб’ёмнай Ш. ў СІ — кілаграм на кубічны метр.
т. 17, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)