ШУВА́ЛАВЫ,
расійскі дваранскі род, прадстаўнікі якога займалі значныя дзярж., ваен. і дыпламат. пасады ў 18—19 ст. Найб. вядомы: Пётр Іванавіч (1710—15.1.1762), граф (з 1746), ген.-фельдмаршал (1761). Адзін з арганізатараў дварцовага перавароту (снеж. 1741), у выніку якога на рас. прастол узышла Лізавета Пятроўна (1741); пры ёй у 1750-я г. быў фактычным кіраўніком урада; адзін з арганізатараў рус. арміі ў гады Сямігадовай вайны 1756—63. Пад яго кіраўніцтвам распрацаваны новыя ўзоры артылерыі, у т. л. «сакрэтная» гаўбіца і гаўбіца аднарог, якая была на ўзбраенні рус. арміі больш за 100 гадоў. Яго стрыечны брат Іван Іванавіч (12.11.1727, Масква —25.11.1797), ген.-ад’ютант (1760), фаварыт Лізаветы Пятроўны (з 1749); апекаваў асвету і навуку, дапамагаў М.В.Ламаносаву, 1-ы куратар Маскоўскага ун-та (з 1755), ініцыятар стварэння (1757) і 1-ы прэзідэнт (1757—63) Акадэміі мастацтваў; у 1763—77 выконваў за мяжой дыпламат. і інш. даручэнні ўрада. Аляксандр Іванавіч (1710—71), граф, ген.-фельдмаршал (1761), у 1746—62 нач. Тайнай канцылярыі. Пётр Андрэевіч (27.6.1827, Пецярбург — 2.3.1889), граф, ген. ад кавалерыі (1872); нач. штаба (1861), шэф (1866—74) корпуса жандараў, кіраўнік (1861), нач. (1866—74) Трэцяга аддзялення; найбліжэйшы саветнік Аляксандра II; у 1874—79 пасол Расіі ў Вялікабрытаніі. Яго брат Павел Андрэевіч (25.11.1830, Пецярбург — 20.4.1908), граф, ген. ад інфантэрыі, ген.-ад’ютант, чл. Дзярж. савета (1896); удзельнік Крымскай (1853—56) і рус.-тур. (1877—78) войнаў; пасол Расіі ў Германіі (1885—94), ген.-губернатар Прывіслінскага краю (1894—96).
Літ.:
Анисимов Е.В. Россия в середине XVIII в. М., 1986.
М.Г.Нікіцін.
т. 17, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)