ШПІТ Юрый Васілевіч (н. 9.11.1930, г. Запарожжа, Украіна),
бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Скончыў Кіеўскі інж.-буд. ін-т (1954). З 1954 у ін-це «Белдзяржпраект», з 1964 нам. старшыні Дзяржбуда Беларусі, з 1976 дырэктар БелНДІПгорадабудаўніцтва, адначасова з 1967 выкладае ў Бел.нац.тэхн. ун-це. У 1990—2002 кіраўнік персанальнай творчай майстэрні. Найб. значныя работы: у Мінску — жылыя дамы па вуліцах Я.Коласа, Чырвонаармейскай, К.Маркса (1960—70-я г.), Талбухіна (1965), будынак кінатэатра «Партызан» (1967), храм святога апостала Андрэя Першазванага на праспекце Ракасоўскага (2000); будынкі абкома КПБ у Магілёве (1971), гасцініцы міжнар. маладзёжнага цэнтра «Юнацтва» на Заслаўскім вадасх. пад Мінскам (1975), гаркома КПБ у г. Бабруйск Магілёўскай вобл. (1976, усе ў сааўт.), санаторыя «Беларусь» у г. Місхор (Крым, 1974), пансіяната «Свіцязь» (Навагрудскі р-н), санаторыя «Белая Русь» у п. Наваельня Дзятлаўскага р-на (абодва Гродзенская вобл., 1990-я г.), ашчаднага банка ў г. Старыя Дарогі Мінскай вобл. (1998) і інш. Адзін з кіраўнікоў і аўтараў серый тыпавых праектаў жылых дамоў, інтэрнатаў, школ і інш., шэрагу праектаў планіроўкі і забудовы асобных раёнаў у Мінску, гарадах Наваполацк Віцебскай вобл., Светлагорск Гомельскай вобл. і інш. (1950—80-я г.). Кіраўнік распрацоўкі ген. схемы комплекснай тэр. арганізацыі Беларусі (1986—89). Аўтар Помніка вызваліцелям у Віцебску і манумента партызанам Вілейшчыны на воз. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.; 1968). У 1970—73 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за ўдзел у планіроўцы і забудове Наваполацка.
Тв.:
Архитектура Советской Белоруссии. М., 1973 (у сааўт.);
Современные тенденции формирования территориальных систем расселения. Мн., 1981.
Літ.:
Мастер — проверено «карандашом проектировщика» // Архитектура и стр-во. 2000. № 5.