ШАРГЕ́Й Аляксандр Ігнацьевіч (псеўданім Кандрацюк Юрый Васілевіч; 21.6.1897, г. Палтава, Украіна — 1942?),
украінскі і расійскі вынаходнік, адзін з заснавальнікаў касманаўтыкі. Вучыўся ў С.-Пецярбургскім політэхн. ін-це (з 1916). З 1918 працаваў у розных установах. У 1930—32 рэпрэсіраваны. У 1933—39 ва Укр.НДІпрамысл. энергетыкі. Займаўся праектаваннем і буд-вам элеватарнай тэхнікі, ветраэлектрастанцый і інш. У 1918—19 незалежна ад К.Э.Цыялкоўскага распрацаваў асн. праблемы касманаўтыкі: вывеў асн. ўраўненне руху ракеты, даў схему і апісанне 4-ступеньчатай ракеты на кіслародна-вадародным паліве і інш., прапанаваў выкарыстанне супраціўлення атмасферы для тармажэння спускальнага апарата, вывад на арбіту штучнага спадарожніка Месяца ці планеты з далейшай пасадкай на іх паверхню невял. вяртальнага пілатуемага апарата, выкарыстанне сонечнай энергіі ў космасе і інш. Вызначыў паслядоўнасць этапаў асваення касм. прасторы, будову міжпланетных касм. караблёў і інш. Многія ідэі і рашэнні Ш. выкарыстоўваюцца ў сучаснай касманаўтыцы. Яго імем названы кратэр на Месяцы.
Тв.:
Завоевание межпланетных пространств. 2 изд. М., 1947;
У кн.: Пионеры ракетной техники: Кибальчич, Циолковский, Цандер, Кондратюк: Избр. труды. М., 1964.