ШАМПЕ́НЬ (Champaigne) Філіп дэ (хрышчаны 26.5.1602, г. Брусель — 12.8.1674),
французскі жывапісец; прадстаўнік класіцызму. З 1621 працаваў у Парыжы, з 1625 прыдворны жывапісец. Адзін з заснавальнікаў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры (1648). Выконваў дэкар. работы ў парыжскіх палацах (Люксембургскім, з Н.Пусэнам) і цэрквах. Пад уплывам янсенізму пісаў аскетычна-стрыманыя рэліг. карціны («Тайная вячэра», 1648). У псіхалагічна завостраных, строгіх паводле стылю парадных партрэтах спалучаў рысы фламандскага рэалізму і ранняга франц. класіцызму: «А.Ж.Рышэльё» (1636), «Дж.Мазарыні». Пісаў таксама групавыя партрэты: «Партрэт дачкі ў адзенні манахіні з абатысай Агнесай», «Пасвячэнне герцага Анжуйскага ў рыцары ордэна Святога Духа» (абодва 1662).
Ф. дэ Шампень. Партрэт дачкі ў адзенні манахіні з абатысай Агнесай. 1662.