ША́ЛЬНІК (Alisma),

род кветкавых раслін сям. шальнікавых. 10—11 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я і ў Аўстраліі. На Беларусі 3 віды Ш.; злакападобны (A. gramineum); ланцэтападобны (A. lanceolatum); трыпутнікавы (A. plantago-aquatica), нар. назва шалянец. Трапляюцца па нізінных балотах, вільготных лугах, у прыбярэжнай зоне вадаёмаў.

Шматгадовыя водныя травяністыя расліны. Лісце суцэльнае, чаранковае, у прыкаранёвай разетцы. Кветкі двухполыя, белыя, у мяцёлчатым суквецці. Плод — шматарэшак. Корм для андатры і качак. Трава ў свежым выглядзе ядавітая для жывёлы.

Шальнік трыпутнікавы.

т. 17, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)