ШАБАЛІ́Н Вісарыён Якаўлевіч (11.6.1902, г. Омск, Расія — 28.5.1963),

расійскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Расіі (1947). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1928, кл. М.Мяскоўскага), з 1928 выкладаў у ёй (з перапынкам; з 1935 праф., у 1942—48 дырэктар). Яго творам уласцівы высакароднасць мелодыкі, пранікнёны лірызм, этычны пафас. Зрабіў вял. ўклад у развіццё сав. камернай і харавой музыкі. Сярод твораў: опера «Утаймаванне свавольніцы» (паст. 1957; у опернай студыі Бел. кансерваторыі 1965), кантаты, у т. л. «Масква» (1946); 5 сімфоній (1925—62); канцэрт для скр. з арк. (1940), канцэрціна для скр. і стр. арк. (1932; 2-я рэд. 1958) і для валторны і малога арк. (1930, 2-я рэд. 1959); 9 стр. квартэтаў (1923—63); хары a capella на вершы А.​Пушкіна (1949), М.​Танка (1950) і інш.; творы для голасу з фп.; рамансы, музыка да драм. спектакляў і кіно. Завяршыў і адрэдагаваў оперы «Сарочынскі кірмаш» і «Саламба» М.​Мусаргскага, «Ваявода» П.​Чайкоўскага, «Сімфонію на 2 рускія тэмы» М.​Глінкі і інш. Сярод вучняў Ю.​Аляксандраў, С.Губайдуліна, А.Пахмутава, К.Хачатуран, Ц.Хрэннікаў. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1947.

Літ.:

В.​Я.​Шебалин: Статьи. Воспоминания. Материалы. М., 1970;

Шебалина А. В.​Я.​Шебалин: Годы жизни и творчества. М., 1989.

т. 17, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)