ЧУБА́ТКІ (Notodontidae),

сямейства начных матылёў. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ў лясах умеранага і трапічнага паясоў. На Беларусі 27 відаў. Найб. тыповыя: лунка серабрыстая (Phalera bucephala), Ч. альховая (Notodonta dromedarius), Ч. зігзаг (N. ziczac), гарпія вялікая (Cerura vinula) і віды роду гроначніц (Pygaera).

Размах крылаў 3—10 см, заднія карацейшыя за пярэднія. На заднім краі пярэдніх крылаў валасісты выраст, падобны да зубца або чубка (адсюль назва). Тулава тоўстае, доўгае, укрытае пушыстымі валаскамі. Афарбоўка шэрая або бураватая, радзей яркая. Вусені рознай формы, голыя, яркія, з вял. плоскай галавой і вырастамі на целе; кормяцца лісцем дрэў і кустоў. 1—2 пакаленні за год. Некат. — шкоднікі лесу.

Чубаткі: 1 — зігзаг; 2 — альховая; 3 — лунка серабрыстая; 4 — гарпія вялікая; 5 — вілахвост букавы (а — вусені).

т. 17, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)