ЧАСНО́ЧНІЦА (Alliaria),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 1 від — Ч. чаранковая, або лекавая (A. petiolata). Трапляецца ў вільготных месцах, у лясах, сярод хмызняку, у агародах, па ярах.

Ч. чаранковая — двухгадовая травяністая расліна выш. 20—100 см з пахам часнаку. Сцёблы адзіночныя, простыя або галінастыя, унізе апушаныя. Ніжняе лісце доўгачаранковае, ныркападобнае, выемчата-гародчатае, сярэдняе — сэрцападобнае, верхняе — сядзячае, трохвугольнае, зубчастае. Кветкі белыя, у гронках. Плод — стручок. Ч. чаранковая спажываецца як прыправа (замест часнаку); лісце мае вітамін С, насенне — да 30% алею. Харч., лек. расліна.

Часночніца чаранковая.

т. 17, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)