ЧАРНЯ́ЎСКІ Міхаіл Міхайлавіч (н. 7.3.1938, в. Круці Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. археолаг, пісьменнік. Канд. гіст. н. (1971). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1960). З 1966 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі (у 1990—2001 заг. аддзела археалогіі каменнага і бронзавага вякоў). Даследуе матэрыяльную і духоўную культуру плямён каменнага і бронзавага вякоў ПнЗ Беларусі, першабытнае мастацтва на Беларусі. Даследаваў помнікі фінальнага палеаліту, мезаліту і неаліту ў бас. Нёмана і Віліі, першабытныя стаянкі Крывінскага тарфяніка на Віцебшчыне. Вывучаў крэменездабыўныя шахты каля г.п. Краснасельскі і в. Карпаўцы Ваўкавыскага р-на, помнікі бронзавага веку Панямоння. Вылучыў нёманскую культуру, крывінскі варыянт нарвенскай культуры. Даследаваў сярэдневяковы г. Мядзел (1982), замак у Лоску Валожынскага р-на (1987). Аўтар навук., навук.-папулярных і празаічных твораў. Адзін з аўтараў «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 1, 1970), кніг «Беларуская археалогія: Дасягненні археолагаў за гады Савецкай улады» (1987), «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1, 1987), «Археалогіі Беларусі» (т. 1, 1997), «Гісторыі Беларусі» (т. 1, 2000).
Тв.:
Неаліт Беларускага Панямоння. Мн., 1979;
Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі.
Мн., 1981; Страла Расамахі. Мн., 1985; Археалагічныя помнікі Міншчыны. Мн., 1988; Вогнепаклоннікі. Мн., 1996; Ілюстраваная гісторыя старажытнай Беларусі. Мн., 1997; Правадыр крылатых вершнікаў: Ян Кароль Хадкевіч. Мн., 1998.
Э.М.Зайкоўскі.
т. 17, с. 243
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)