ЦЫСТЭІ́Н, L-α-аміна-β-меркаптапрапіёнавая кіслата,

заменная серазмяшчальная амінакіслата, H2S—CH2—CH(NH2)—COOH. У саставе многіх прыродных бялкоў і пептыдаў прысутнічае ў клетках усіх жывых арганізмаў. У арганізме чалавека і жывёл утвараецца з метыяніну і серыну, таксама шляхам аднаўлення цыстыну; у раслінах — з серыну і сульфідаў; у мікраарганізмах — з ацэтылсерыну і серавадароду.

Крышт. рэчыва, мал. м. 121,16; добра раствараецца ў вадзе, аміяку, этаноле, воцатнай к-це. Лёгка акісляецца на паветры. Уваходзіць у састаў актыўных цэнтраў многіх ферментаў, забяспечвае антыаксідантную ахову арганізма. З Ц. ўтвараецца амінакіслата таўрын (яе выкарыстоўваюць для сінтэзу парных жоўцевых к-т), піравінаградная к-та і інш. Пры распадзе Ц. ў кішэчніку ўтвараюцца серавадарод і метылмеркаптан. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)