ЦЫРО́З (ад грэч. kirros рыжы, лімонна-жоўты),

разрастанне злучальнай тканкі ва ўнутр. органах (печані, нырках, лёгкіх і інш.). Суправаджаецца дэфармацыяй (ушчыльненнем) і парушэннем функцый органаў. З’яўляецца зыходам некрозу, запалення, дыстрафіі і атрафіі, якія звязаны з дзеяннем розных пашкоджвальных фактараў, расстройствам кровазвароту, парушэннем абменных працэсаў і інш. Часцей бывае цыроз печані. Ц. выклікае функцыян. недастатковасць органа. Прыводзіць да ўтварэння дабраякасных і злаякасных пухлін.

І.​М.​Семяненя.

т. 17, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)