ЦЕПЛАФІКА́ЦЫЯ,

цэнтралізаванае цеплазабеспячэнне, заснаванае на камбінаванай выпрацоўцы цяпла і эл. энергіі на цеплаэлектрацэнтралях (ЦЭЦ). Пры Ц. эфектыўнасць выкарыстання паліва значна вышэйшая, чым пры раздзельнай выпрацоўцы цяпла (у кацельных устаноўках) і электраэнергіі (на кандэнсацыйных электрастанцыях).

У склад цеплафікацыйных сістэм уваходзяць крыніцы цеплазабеспячэння (ЦЭЦ, вадагрэйныя кацельні і інш.), цеплавыя сеткі, устройствы для спажывання цяпла (сістэм ацяплення, гарачага водазабеспячэння, тэхналагічныя). У СССР Ц. пачалася ў 1924 (Ленінград), на Беларусі — у 1936, калі пабудавана Мінская ЦЭЦ-2. Значнае развіццё атрымала з пач. 1950-х г.: пабудаваны Мінская ЦЭЦ-3, Віцебская, Пінская, Баранавіцкая ЦЭЦ. У 1960-я г. пабудаваны буйныя ЦЭЦ высокага ціску ў Полацку, Магілёве, Гродне, Бабруйску, пазней Мінская ЦЭЦ-4 і Мазырская ЦЭЦ. Гл. таксама Электрыфікацыя.

т. 17, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)