ЦІ́ХІНІЧЫ,

вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Дабрыца. Цэнтр сельсавета і камунальнага с.-г. унітарнага прадпрыемства. За 20 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 141 км ад Гомеля. 1216 ж., 549 двароў (2003). Вінзавод, участак раённага жыл.-камунальнага прадпрыемства. Сярэдняя школа, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Свята-Міхайлаўская царква (1997). Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Вядомы ў канцы 16 ст. як мястэчка ў Рагачоўскім пав. ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. У 1886 у Ц. 297 ж., 60 двароў, царква, капліца, вадзяны млын, 10 крам, штогадовы кірмаш. З 20.8.1924 у Рагачоўскім р-не Бабруйскай акругі, з 20.2.1938 у Гомельскай вобл. У 1941—835 ж., 135 двароў. У Вял. Айч. вайну ў ліст. 1941 ням. фашысты загубілі ў Ц. 44 жыхары, у 1944 спалілі вёску і загубілі 32 жыхары.

т. 17, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)