ХЕФРЭ́Н (грэч. Chephrēn), Хафра (егіп.),

егіпецкі фараон IV дынастыі канца 27 — пач. 26 ст. да н.э. Сын ці брат Хеопса. Паводле Герадота, Х. працягваў дэспатычную палітыку Хеопса. Піраміда Х. ў Гізе — другая па велічыні (вышыня 143,5 м), злучана крытым ходам з гранітным храмам у даліне, у якім знойдзены 2 дыярытавыя статуі Х. У час яго праўлення каля піраміды высечаны са скалы Вялікі сфінкс (іл. гл. да арт. Піраміда).

т. 17, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)