ХЕМАРЭЦЭ́ПТАРЫ (ад хема... + рэцэптары),

адчувальныя клеткі або іх структуры, праз якія арганізм успрымае значныя для жыццядзейнасці хім. рэчывы. Адрозніваюць Х. ўнутр. і вонкавыя. Унутр. — адчувальныя да хім. кампанентаў крыві і інш. унутр. асяроддзяў арганізма. Вонкавыя (смакавыя і нюхальныя рэцэптарныя клеткі, таксама свабодныя нерв. канцы ў покрывах цела) успрымаюць знешнія раздражняльнікі (ваганні pH і іоннага саставу воднага асяроддзя, газавага саставу паветра, наяўнасць ядавітых і інш. рэчываў). У малекулярнай біялогіі Х. — спецыялізаваныя макрамалекулярныя структуры на паверхні клетак, якія ўзаемадзейнічаюць з малекуламі хім. раздражняльнікаў. Гл. таксама Нюх, Хемарэцэпцыя.

т. 17, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)