ХЕМІЛЮМІНЕСЦЭ́НЦЫЯ,
выпрамяненне, якое ўзнікае пры ўтварэнні прадуктаў хім. рэакцый ва ўзбуджаным стане; адзін з відаў люмінесцэнцыі. Пры квантавым пераходзе малекул у асн. стан энергія ўзбуджэння выпрамяняецца ў выглядзе квантаў святла; Х. ў інфрачырв., бачнай і ультрафіялетавай ч. спектра суправаджае газа- і вадкафазныя, гетэрагенныя рэакцыі. Асобны выпадак Х. — біялюмінесцэнцыя. Выкарыстоўваюць Х. пры вывучэнні механізмаў складаных рэакцый, працэсаў у біял. сістэмах, у хемілюмінесцэнтных крыніцах святла і інш.
т. 17, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)