ХАРУ́ГВА (польскае chorągiew ад манг. оронго — знак, сцяг),
1) прамавугольнае або трохвугольнае палотнішча (радзей сцяг) з выявай Ісуса Хрыста або святых, замацаванае вертыкальна на доўгім дрэўку з дапамогай папярэчнай перакладзіны, — царк. сцяг, які носяць у час царк. свят.
2) Старадаўняя назва баявога вайск. сцяга. Мела пашырэнне ў слав. народаў шэрагу краін, у т. л. ВКЛ, а таксама ў казацкіх войсках (харунка).
3) Арганізацыйна-тактычная вайск. адзінка рыцарскага войска ў сярэдневяковых ВКЛ і Польшчы. Існавалі Х. земскія (складаліся з рыцарства пэўнай зямлі), родавыя (аб’ядноўвалі прадстаўнікоў аднаго роду) і надворныя, што выконвалі ролю гвардыі манархаў і магнатаў. У 16 ст. ў шляхецкай кавалерыі Х. называлі роту (звычайна складалася са 100—200 чал. на чале з ротмістрам). У Х. ўваходзілі кап’ёўшчыкі і стральцы; пазней з’явіліся Х. гусарскія, панцырныя, пяцігорскія, лёгкія (тат., валошскія). У 16—17 ст. Х. часам называлі пях. роты польскага і венг. тыпу.
т. 16, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)