ХІТРЫДЫЯ́ЛЬНЫЯ (Chytridiales),

парадак хітрыдыевых грыбоў. 5 сям., каля 80 родаў, больш за 400 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 10 відаў з родаў альпідый, рызафідый і сінхітрый. Сапратрофы на расл. і жывёльных рэштках, паразіты на водных грыбах, мікраскапічных жывёлах і водарасцях; узбуджальнікі хвароб вышэйшых раслін — чорнай ножкі с.-г. культур і раку бульбы.

Вегетатыўнае цела ў выглядзе пратаплазменнай масы або авальнай ці цыліндрычнай клеткі, укрытай абалонкай, ад якой адыходзіць міцэлій. Бясполае размнажэнне адбываецца з дапамогай аднажгуцікавых зааспор, палавое (аагамія, гаметагамія, саматагамія) — у неспрыяльных умовах.

С.​І.​Бельская.

т. 17, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)