ФТОРКАЎЧУКІ́, фторарганічныя каўчукі, фторэластамеры,
прадукты полімерызацыі фторарганічных злучэнняў. Агульная формула [(-CH2CF2-)x = (-CF2CFR-)y]n. Адрозніваюць карба- і гетэраланцуговыя Ф. Найб. прамысл. выкарыстанне маюць карбаланцуговыя Ф. на аснове вінілідэнфтарыду — гал. чынам супалімеры з трыфторхлорэтыленам, гексафторпрапіленам і інш. Гетэраланцуговыя Ф. маюць складаны сінтэз.
Мал. м. ад 10 тыс. да 1 млн., шчыльнасць 1800—1900 кг/м³. Раствараюцца ў кетонах, складаных эфірах, не раствараюцца ў вуглевадародах, не набракаюць у вадзе. Асаблівасць Ф. — спалучэнне высокай цеплаўстойлівасці з хім. устойлівасцю да розных агрэсіўных асяроддзяў у шырокім інтэрвале т-р; маюць таксама добрыя фіз.-хім. ўласцівасці (газанепранікальнасць, неўзгаральнасць і інш.). Выкарыстоўваюцца пераважна ў вытв-сці розных ушчыльняльнікаў, якія эксплуатуюць пры т-ры вышэй за 200 °C, мембран, газатканых матэрыялаў.
т. 16, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)