ФРАНТО́Н [франц. fronton ад лац. frons (frontis) лоб, пярэдні бок],

частка (звычайна ў выглядзе трохвугольніка) фасада будынка, порціка, каланады, абмежаваная схіламі даху і карнізам. Поле Ф. (тымпан) часта ўпрыгожваюць рэльефам, скульптурай, праёмамі і нішамі рознай формы; у драўляным дойлідстве — разьбой, часта з сімвалічнай выявай сонца (паўкруг з прамянямі). У завяршэнні вуглоў часам выкарыстоўвалі акратэрыі. Форма Ф. вызначаецца формай страхі; бывае трапецападобны (усечаны зверху), найчасцей з акенцам. Да 2-й пал. 19 ст. Ф. часам рабілі закотам, зашывалі саломай ці лазой, пазней — дошкамі. Дэкаратыўнасць Ф. ствараецца маст. шалёўкай «квадратам», «ромбам», «у елачку» і інш., накладкамі, якія ўтвараюць геам. арнамент. Дэкор Ф. звычайна завяршаецца разнымі закрылкамі і фігурным вільчаком. У выглядзе Ф. часам упрыгожваюць аконныя і дзвярныя праёмы будынкаў.

Вядомы з часоў Стараж. Грэцыі і Рыма. На Беларусі найб. пашырэнне атрымалі ў мураванай і драўлянай архітэктуры стыляў барока, ракако, класіцызму і інш., а таксама ў нар. дойлідстве.

Франтон старажытнагрэчаскага храма.

т. 16, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)