змена электраправоднасці рэчыва (у асн. паўправадніка ці дыэлектрыка), абумоўленая дзеяннем на яго эл.-магн. выпрамянення (фатонаў). Узнікае з прычыны змены колькасці носьбітаў зараду і/ці іх рухомасці.
Паводле механізма паглынання энергіі фатонаў электронамі і/ці дзіркамі адрозніваюць Ф. уласную, дамешкавую, унутрызонную і скачковую, абумоўленыя, адпаведна, міжзоннымі, дамешка-зоннымі, унутрызоннымі і міждамешкавымі пераходамі носьбітаў зараду. Уласная Ф.: электроны з валентнай зоны (v-зоны) пераходзяць у зону праводнасці (c-зону) — генерацыя пары электрон-дзірка, што прыводзіць да паяўлення (павелічэння колькасці) электронаў і дзірак праводнасці. Дамешкавая Ф.: электроны з донарнага ўзроўню дамешкі пераходзяць у c-зону (электронная дамешкавая Ф.) ці электроны з v-зоны пераходзяць на свабодныя акцэптарныя ўзроўні дамешкі, што адпавядае пераходу дзіркі з акцэптарнага ўзроўню ў v-зону — узрастае колькасць дзірак праводнасці (дзірачная дамешкавая Ф.). Унутрызонная Ф.: пераходы электронаў у c-зоне і дзірак у v-зоны пры паглынанні энергіі фатонаў змяняюць іх рухомасць і, адпаведна, электраправоднасць рэчыва. Скачковая Ф.: пры стымуляваных фатонамі пераходах электрона з донара на донар і дзіркі з акцэптара на акцэптар (з рознымі энергет. ўзроўнямі) мяняецца колькасць і рухомасць электронаў і дзірак, якія адпаведна рухаюцца («скачуць») па донарах і акцэптарах. Залежнасць Ф. ад энергіі фатонаў вызначаецца спектрам паглынання рэчыва (гл.Спектры крышталёў аптычныя). На з’яве Ф. заснавана дзеянне адчувальных паўправадніковых прыёмнікаў выпрамянення (фотарэзістараў, фотадыёдаў, фотатранзістараў і інш.).
Літ.:
Роуз А. Основы теории фотопроводимости: Пер. с англ.М., 1966;
Вавилов В.С., Эфимиу П.К., Зардас Дж.Е. Долговременная релаксация неравновесной фотопроводимости в полупроводниковых соединениях типа AIIIBV// Успехи физ. наук. 1999. Т. 169, № 2;
Поклонский Н.А., Лопатин С.Ю. Стационарная прыжковая фотопроводимость по многозарядным примесным атомам в кристаллах // Физика твердого тела. 1998. Т. 40. № 10.
М.А.Паклонскі.
Да арт.Фотаправоднасць. Схема пераходаў электронаў і дзірак (цёмныя і светлыя кружкі адпаведна) у легіраваным донарамі (d) і акцэптарамі (a) крышталічным паўправадніку: 1 — уласная; 2, 3 — дамешкавыя электронная і дзірачная адпаведна; 4, 5 — унутрызонная; 6, 7 — скачковая фотаправоднасці; Ec, Ev — энергія электрона на дне c-зоны і паталку v-зоны адпаведна; Ed, Ea — энергетычныя ўзроўні донара і акцэптара адпаведна; Eg = Ec − Ev — шырыня забароненай зоны.